МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),
міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.
МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т.л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).
Г.А.Маслыка.
т. 10, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)